Адзін з Саламонавых астравоў носіць назву Малаіта. Ён не вельмі вялікі, яго плошча каля 4300 км². Для параўнання, самы вялікі раён Беларусі, Столінскі, мае плошчу каля 3300 км². Але на востраве ўжываецца не менш за дзесяць розных моў, якія належаць да паўднёвасаламонскай галіны аўстранезійскай моўнай сям'і. Сярод іх ёсць і мова таабаіта.
Аўтар найбольш поўнай граматыкі мовы таабаіта вылучаў часціны мовы так:
* калі слова можа быць галоўным словам у канструкцыі, якая апісвае дзеянне, то гэта дзеяслоў — незалежна ад таго, якія яшчэ функцыі яно можа выконваць;
* інакш, калі слова можа быць галоўным словам у канструкцыі, якая апісвае суб'ект ці аб'ект дзеяння, то гэта назоўнік;
* інакш, калі слова можа мадыфікаваць назоўнік, то гэта прыметнік.
Гэта, канешне, вельмі спрошчанае апісанне, але перадае асноўную ідэю.
Аўтар разглядаў словы, якія могуць быць ужыты як мадыфікатары назоўнікаў. Адпаведна з распрацаванай сістэмай, гэтыя словы могуць быць прыметнікамі, калі яны ніколі не выконваюць аніякіх іншых функцый. У іншым выпадку яны могуць быць назоўнікамі ці дзеясловамі.
Возьмем слова baqita, «вялікі». Яно можа ўжывацца ў якасці характарыстыкі аб'екту:
* subuni baqita — вялікая лыжка;
* Fiona baqita — вялікая Фіёна, тая, што старэйшая за сваю цёзку;
* сама назва народу, toqabaqita, азначае нешта накшталт «вялікі народ». Праўда, маецца на ўвазе не фізічны памер, а нейкія легендарныя, вялікія продкі. Народ таабаіта нібыта сціпла называе сябе сапраўднымі нашчадкамі тых надзвычайных людзей.
Але слова baqita можа выкарыстоўвацца і ў якасці дзеяслову стану:
* biqu nau qe baqita — «мой дом вялікі». Тут дзеяслоў baqita атрымаў паказчык qe, які кадзіруе трэцюю асобу, адзіночны лік, небудучы час. Менавіта небудучы, такія вось часы ў таабаіта.
Насамрэч, baqita можа таксама выконваць і ролю прыслоўя, мадыфікуючы іншыя дзеясловы:
* nau ku fanga baqita qana baqu — «я з'еў шмат бананаў». Тут fanga — гэта дзеяслоў «з'есці», fanga baqita — «з'есці шмат».
І вось, слова baqita можа быць і дзеясловам, і прыслоўем, і прыметнікам. Згодна з прынцыпамі, якія былі пакладзены ў аснову вывучэння мовы таабаіта, гэтае слова мусіць быць запісана ў дзеясловы.
Высветлілася, што на ўсім матэрыяле таабаіта знайшліся ўсяго толькі тры слова, якія могуць выконваць функцыю атрыбута назоўніка і якія ніколі не бываюць дзеясловам. Два з іх — гэта назоўнікі thaama і thaina, якія азначаюць бацьку і маці. Яны ніколі не ўжываюцца для апісання дзеянняў, але могуць быць прыметнікамі — таксама са значэннем «вялікі».
І, нарэшце, ёсць прыметнік «маленькі», у трох формах: kali, kaala і kasi. Формы маюць абмежаванні па выкарыстанню: у залежнасці ад адушаўлёнасці і ліку назоўніка не кожная з іх можа быць ужыта. Дык вось, гэтае слова не бывае ні дзеясловам, ні назоўнікам, і таму лічыцца прыметнікам. Адзіным вядомым прыметнікам у мове таабаіта.
***
Асноўная крыніца:
* Lichtenberk, Frantisek. On the Notion "Adjective" in Toqabaqita