«Нам не трэба "паказваць дарослым", што дзеці не сварацца»: чаму ў дэмакратычным руху немагчыма без «бульбаспрэчак»?
Што могуць палітыкі ў выгнанні? Што дэмсілы зрабілі за 6 год, навошта столькі інстытутаў і выбары, на якія «прыходзяць толькі сябры кандыдатаў»?
У новай дыскусійнай праграме RES PUBLICA прайшла вялікая размова прадстаўнікоў дэмсілаў пра будучыню Беларусі і ключавыя палітычныя пытанні.
У дыскусіі ўзялі ўдзел: Арцём Брухан, Павел Латушка, Павел Усаў, Настасся Касцюгова, Святлана Мацкевіч, Анатоль Лябедзька.
Ключавыя цытаты:
Пра ролю Каардынацыйнай Рады і мандат ад людзей
— Я лічу, што самай лепшай формай аб’яднання з’яўляецца Каардынацыйная Рада, бо гэта прадстаўнічы орган. Калі ты палітык і хочаш атрымаць падтрымку сваіх выбаршчыкаў, ты ідзеш на выбары, і людзі табе даюць мандат. І з гэтым мандатам ты рэалізуеш сваю праграму праз Каардынацыйную Раду, і ты ўплываеш і на Пераходны кабінет, і на Ціханоўскую. Павел Латушка
Пра выбары як канкурэнцыю ідэй, а не асоб
— Выбары ў КР — нагода разабрацца ў падыходах і прапановах. Тыя спісы, якія будуць прапаноўвацца для ўдзелу ў выбарах, павінны заяўляць сваё бачанне, план, канструктыўную прапанову. Таму што па асобах мы гэты шлях прайшлі, калі галасавалі за канкрэтных асоб. А паглыбляцца нам трэба ў гэтыя рэчы, задаваць пытанні, праблематызаваць. Выбары ў КР зараз дэманструюць гатоўнасць грамадства разбірацца па сутнасці справы, а не проста верыць лідарам ці яшчэ камусьці. Святлана Мацкевіч
Пра круглы стол і нацыянальнае адзінства
— Калі за круглым сталом сядуць беларусы прадэмакратычных поглядаў, беларусы, якія проста хочуць павысіць заробкі і пенсіі, беларусы, якія падтрымліваюць Лукашэнку і, можа, там лічаць, што моцная рука лепш за нейкія партыі і парламенты, — яны сядуць і дамовяцца на падставе таго, што мы ўсе любім Беларусь. Арцём Брухан
Пра бульбасваркі
— Ёсць у нас такая звычка — паказваць перад дарослымі, што дзеці не сварацца. У нас любяць заходнія партнёры сабраць апазіцыю, каб мы сядзелі ўсе вось так побач адзін з адным, і ў нас усё добра. Навошта гэта рабіць? У нас ёсць рознагалоссі, і іх трэба агучваць — гэта нармальны, здаровы прынцып грамадства. Настасся Касцюгова
Пра суверэнітэт і рэалістычныя задачы
— 95% грамадзян Беларусі хочуць жыць у суверэннай незалежнай краіне, і вось тут якраз патэнцыял дэмакратычных сілаў. Ёсць досвед, ёсць пэўныя кампетэнцыі, напрацаваныя сувязі, і мы гэта можам выкарыстоўваць. Рабіць усё, каб Беларусь не стала часткай Расійскай Федэрацыі — гэта пытанне для медыяў, для палітыкаў, для праваабаронцаў, для ўсіх нас. І гэта рэалістычная задача. Анатоль Лябедзька
Пра кансалідацыю рэсурсаў і стаўленне суседзяў
— Апазіцыя зараз можа кансалідаваць рэсурсы, у тым ліку вайсковыя, сілавыя, палітычныя, на перспектыву, калі з’явіцца магчымасць выкарыстаць гэтыя рэсурсы дзеля таго, каб прыйсці да ўлады. А каб гэтыя рэсурсы кансалідаваць, неабходна заставацца папулярнымі як у дыяспары, то-бок праводзіць такую дзейнасць, такую актыўнасць, прадстаўляць такія праграмы і стратэгіі, каб гэта ўспрымалася як сваё, каб людзі не стаміліся ад дзейнасці апазіцыі. Для Беларусі і беларусаў адзінае, што можна зрабіць — гэта паляпшэнне сітуацыі з атрыманнем візаў, з атрыманнем дакументаў на жыхарства, і самае галоўнае — каб стаўленне да беларусаў сярод польскага грамадства, сярод літоўскага грамадства было добрае. Павел Усаў
Эфір цалкам можна паглядзець
https://www.youtube.com/watch?v=q_BvnCF0BUw&t=6344s