#роздумы пра няпэўнасць і гарантыі ў псіхіятрыі
🦸У працы я даволі часта сутыкаюся з чаканнем гатовых і простых адказаў, лекаў, якія на сто адсоткаў дапамогуць і гарантуюць патрэбны вынік, уяўленнямі пра псіхіятра як некага ўсемагутнага чараўніка.
❓Магчыма, менавіта таму, што ў нашым жыцці так шмат нявызначанасці і няпэўнасці, нам так цяжка талераваць няпэўнасць у працэсе тэрапіі, хочацца простых адказаў і хуткіх вынікаў. І часам яно, на шчасце, так і бывае, але ж зусім не заўсёды.
Псіхіятрыя не адносіцца да тых галінаў медыцыны, дзе ўсё проста і зразумела. Гэта абумоўлена шэрагам прычын:
◻️Псіхічныя разлады маюць складаную прыроду: у іх уплеценыя генетычныя, нейрабіялагічныя, псіхалагічныя і сацыяльныя фактары. Мы далёка не заўсёды можам дакладна вызначыць, якія менавіта механізмы выклікаюць канкрэтны стан у кожнага чалавека і як яны ўзаемадзейнічаюць.
◻️Псіхіятрычны дыягназ — гэта не “аб’ектыўная рэальнасць”, а мадэль, якая дапамагае структуравана апісаць досвед чалавека і выбраць лячэнне.
У класіфікацыі DSM-5-TR (APA, 2022) падкрэсліваецца:
Псіхіятрычныя катэгорыі рэдка маюць выразныя межы; сімптомы часта перасякаюцца, а адзін чалавек можа адпавядаць крытэрам некалькіх дыягназаў адначасова.
◻️У большасці медыцынскіх спецыяльнасцяў мы маем магчымасць пры дыягностыцы абапірацца на аб'ектыўныя даследаванні: аналіз крыві, МРТ, ЭКГ, ультрагук — і адразу бачым вынік.
У псіхіятрыі такога няма: ніводзін аналіз не можа аб'ектыўна “паказаць” дэпрэсію ці трывогу. Мы абапіраемся на словы, выраз твару, інтанацыю, тэмп мыслення — усё тое, што не вымяраецца прыборам.
◻️Псіхіятрыя патрабуе навуковай дакладнасці і адначасова — эмпатыі, назіральнасці, інтэлектуальнай гнуткасці.
Псіхіятр працуе ў сітуацыі няпэўнасці і мноства інтэрпрэтацый.
Два спецыялісты могуць бачыць таго ж пацыента крыху па-рознаму — і абодва будуць мець рацыю, калі іх высновы лагічна абгрунтаваныя.
У артыкуле “The art of medicine and the science of psychiatry” (The Lancet Psychiatry, 2020) слушна зазначана:
Псіхіятрыя трымаецца на здольнасці лекара жыць з няпэўнасцю, не адмаўляючы навуковага падыходу, але і не звужаючы чалавека да сімптому.
◻️Негледзячы на тое, што псіхіятрычныя лекі дапамагаюць, немагчыма дакладна прадказаць, ці будуць яны эфектыўныя менавіта для дадзенага канкрэтныага пацыента і ці дадуць патрэбны эфект. Мы пакуль не ведаем цалкам прыроды псіхічных захворванняў, а механізмы дзеяння прэпаратаў, , даволі складаныя. Таму лячэнне патрабуе комплекснага падыходу, пастаяннага маніторынгу і карэкцыі, а лекі — толькі адзін з інструментаў у сістэме падтрымкі.
😱Баюся, я напужала вас гэтай усюдыіснай няпэўнасцю)
Хочацца дадаць, што няпэўнасць — гэта не толькі пра псіхіятрыю. Яна прысутнічае ва ўсіх галінах медыцыны: нават у кардыялогіі, інфекцыйных хваробах ці траўматалогіі мы часта не можам дакладна прадказаць, як пацыент адрэагуе на лячэнне, ці як будзе развівацца захворванне.
І канешне, мы імкнемся паменшыць ступень няпэўнасці ў нашай працы, кіруючыся прынцыпамі evidence-based medicine, а таксама праз пастаяннае навучанне і крытычную рэфлексію.
🦸Сёння псіхіятрыя актыўна змяняецца:
▫️выкарыстоўваюцца нейравізуалізацыя, даследаванні біямаркераў, штучны інтэлект для аналізу мовы і мімікі;
▫️але нават пры гэтым псіхіятрыя застаецца “медыцынай чалавека ў яго складанасці”, а не толькі медыцынай мозгу.
🦸Так што, шаноўныя пацыенты, я не магу гарантаваць стоадсоткавы вынік (дарэчы, як і доктар кожнай іншай спецыяльнасці), не магу гарантаваць, што нейкі лек дакладна падзейнічае і не будзе мець непажаданых эфектаў.
Але тое, што я магу гарантаваць, - я буду лячыць вас старанна, абапіраючыся на актуальныя веды і свой прафесійны досвед.
Крок за крокам мы будзем шукаць шлях, які будзе найбольш карысным менавіта для вас.
І гэта, may the Force be with us)