Павел Баркоўскі: Выбіраць беларускую мову — гэта ў пэўнай ступені акт грамадзянскай мужнасці
«Хто не шануе родную мову, той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў-бацькоў, якія гэтай мовай гаварылі. А хто саромеецца сваёй мовы, варты таго, каб і яго добрыя людзі саромеліся як вырадка, каб ім пагарджалі як недалюдкам, бо, саромеючыся роднай мовы, ён крыўдзіць не толькі дзядоў-бацькоў сваіх, але і ўвесь народ. Справядлівы, добры чалавек ніколі не саромеецца роднай мовы. Ён і сам гаворыць сваёй роднай мовай і глядзіць, каб і іншыя яе шанавалі», — пісаў навуковец і адзін са стваральнікаў беларускай дзяржаўнасці Вацлаў Ластоўскі.
Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі адзначае, што з часоў Ластоўскага стаўленне да беларускай мовы на радзіме штогод пагаршалася.
«Усё менш школ праводзяць заняткі па-беларуску, усё менш тэатраў ладзяць свае паказы на гэтай мове, усё менш гэтая мова ўжываецца ў дзяржаўных медыя ў Беларусі.
Сёння выбіраць беларускую мову — гэта ў пэўнай ступені акт грамадзянскай мужнасці. Тое ж датычыць і беларусаў за мяжой: куды прасцей асімілявацца і пачаць размаўляць на мовах іншых народаў, чым вучыцца гаварыць па-беларуску самім і вучыць таму сваіх дзяцей.
Тым не менш, гэта наш сімвалічны доўг перад уласнай культурай, продкамі і гісторыяй — ратаваць спадчыну, не даць знікнуць адной з наймілагучнейшых моў Еўропы», — кажа Баркоўскі.
Ён адзначае, што беларусы, нават калі не размаўляюць па-беларуску, добра ведаюць, што мова — гэта іх нацыянальная каштоўнасць. Гэта бачна па апытаннях.
«Сёння гэта ўжо не мова вёскі або правінцыі, гэта мова выбару для сучаснай моладзі, крэатыўнага класа, высокакваліфікаваных спецыялістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.
Тое ж тычыцца і беларускіх палітыкаў — тых, хто спрабуе працаваць з грамадскай думкай людзей, а не проста займаць чыноўніцкія пасады. Валодаць і карыстацца беларускай мовай у камунікацыі з беларусамі — гэта тое, што дэманструе павагу і разуменне патрэб беларускай супольнасці сёння.
Зычу ўсім беларусам узгадваць і размаўляць роднай мовай не толькі 21 лютага, але і ў ўсе іншыя дні календара. Няхай жыве беларуская мова, жыве вечна!» — адзначыў Баркоўскі.