ДЗЕНЬ ВОЛІ Ў ТАРОНТА
21 сакавіка 2026г., у Беларускім цэнтары Таронта адбыліся ўрачыстасьці, прысьвечаныя Дню Волі — 25 сакавіка.
Сьвяточная праграма пачалася ва ўкраінскім квартале гораду — на скрыжаваньні вуліц Блур і Джэйн мітынгам, на якім з прамовамі выступілі прадстаўнікі Рады БНР і Згуртаваньня Белврусаў Канады. Сьвятар Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы (БАПЦ) ярэй Вячаслаў прачытаў Малітву за Беларусь. Затым блізу дваццаці ўдзельнікаў узялі ўдзел у шэсьці, несячы Бел-Чырвона-Белыя сьцягі, а таксама сьцягі Канады і Ўкраіны. Шэсьце, якое доўжылася блізу сарака хвілінаў, праходзіла пад дэвізам «За нашу і вашу свабоду!» і суправаджалася гучнымі лёзунгамі: «Жыве Беларусь! Жыве вечна!», «Слава Ўкраіне! Героям слава!». Гэтыя ж словы салідарнасьці гучалі і па-ангельску.
Асабліва прыемна было бачыць, што да шэсьця далучылася група выхадцаў з Ганконгу — людзей, якія таксама змагаюцца за дэмакратычныя каштоўнасьці на сваёй бацькаўшчыне. Яны актыўна падтрымлівалі ўдзельнікаў, скадавалі па-беларуску «Жыве Беларусь!», а адзін зь іх выконваў украінскія народныя мэлёдыі на дудзе, што надавала шэсьцю асаблівую, кранальную атмасфэру.
Пасьля прыбыцьця да будынку Беларускага цэнтру ўдзельнікі шэсьця спыніліся, каб ускласьці бел-чырвона-белыя кветкі да памятнай дошкі ў гонар Кастуся Акулы, урачыста адкрытай 16 лістапада 2025 году з нагоды стагодзьдзя з дня ягонага нараджэньня. Прагучала прамова, пасьля чаго ўдзельнікі далучыліся да суродзічаў, што сабраліся ў залі Беларускага цэнтру.
Агулам ва Ўрачыстай акадэміі прыняло ўдзел каля 75 чалавек, Сярод іх былі прадстаўнікі ўкраінскай, эстонскай і іншых грамадаў. Прамовы гучалі па-беларуску з перакладам на ангельскую мову, а відэазвароты, якія трансляваліся на экран, суправаджаліся ангельскімі тытрамі, што дазволіла гасьцям лепш зразумець зьмест выступаў.
Падчас імпрэзы былі прадэманстраваныя віншавальныя звароты ад Івонкі Сурвілла, Зянона Пазьняка, Святланы Ціханоўскае і Павала Севярынца. У жывым эфіры да прысутных зьвярнуліся сама спадарыня Сурвілла, а таксама Нобэлеўскі ляўрэат, праваабаронца Алесь Бяляцкі. Першагерарх БАПЦ Архіяпіскап Наваградзкі і Паўночна-Амэрыканскі Сьвятаслаў Логін прачытаў малітву за Беларусь, выказвўшы перад усім некалькі словаў пра традыцыю гэтае акцыі.
У фае залі працавала кніжная выстава выданьняў выдавецтваў Беларускія ведамасьці, Варшава - Нью Ёрк і Grunwald Publishing, Міндэн, Канада. Прэзыдэнтка выдавецтва Грунвальд Воля Яноўская асабіста прадстаўляла выставу і размаўляла з наведнікамі. Таксама былі прадстаўленыя ўнікальныя гістарычныя выданьні — нумары газэты «Беларускі эмігрант», часапіс “Зважай”, што выдаваліся Кастусём Акулам у 1947–1994гг., а таксама выпускі газэты Бацькаўшчына, 1948 і 1961гг., прысьвечаныя 25 сакавіка. Гэтыя матэрыялы яскрава сьведчаць, што традыцыя адзначэньня Дня Волі, якая замацавалася пад гэтай назвай з 1989 году, мае глыбокія карані і працягваецца дагэтуль.
Пасьля афіцыйнай часткі адбыўся ўзьнёслы канцэрт. Асабліва кранальна прагучалі выступы гуртоў “Яваровы Дзеці”пад кіраўніцтвам Велеты Кавалёвай.
Увесь час у залі панавала натхняльная, едная атмасфэра: кожны выступ і кожнае слова сустракаліся магутнымі воклічамі «Жыве Беларусь! Жыве вечна!», «Слава Ўкраіне! Героям слава!». Гэтыя словы гучалі як адзін голас — і дарослых, і моладзі, і дзяцей.
Алесь Кот