Тупая нацыяналістычная прапаганда ва ўсе бакі аднолькавая, што ў прарасійскі імперскі бок, што ў антылітвінісцкі, што ў прабеларускі.
То ў іх цар цалкам забараніў ужыць словы Беларусь і беларускі, чаго ніколі не было, то кляты цар Пётр I загадаў сваім жаўнерам узарваць Сафійскі сабор у Полацку. І за той піздзёж, і за гэты мусіць быць сорамна выданню, якое гэта публікуе.
Полацкая Сафія загінула ў 1710 годзе, бо ў ёй сапраўды размяшчаўся парахавы склад. Цяжка ўявіць у чыёй хворай фантазіі нарадзілася гісторыя, што расійскаму цару спатрэбілася ўзрываць храм, які з’яўляўся сімвалам Старажытнай Русі на гэтых землях і мог быць выкарыстаны ў антыпольскай прапагандзе. Я не магу прыдумаць аніводнай прычыны наўмысна ўзрываць Сафію.
Я не бачу нейкага зламыснага намеру, а сцвярджэнні пра асабісты загад Пятра I гэта ўвогуле нічым не падмацаванае фэнтэзі. Агулам я не ведаю ніводнага прыкладу (можа таму што не вельмі цікавіўся), каб у той час выкарыстоўвалі порах для падрыву манументальных збудаванняў. Любая руіна ў тыя часы - вялікая магчымасць для перабудоў або крыніца будаўнічага матэрыялу. Руіны маглі стагоддзямі стаяць пакуль іх не расцягнуць да апошняй цагліны, або пакуль сцены самі не рухнуць. Траціць на гэта порах ды яшчэ ў час вайны... «падрывай, падрывай, мы ж багатыя, купім яшчэ!» Нонсэнс.
Захоўванне пораху ў культавых збудавання было звычайнай еўрапейскай практыкай, што нярэдка прыводзіла да падобных трагедый.
У тыя часы масіўныя саборы з іх тоўстымі сценамі лічыліся ідэальнымі месцамі для захоўвання пораху, бо яны маглі абараніць арсенал ад варожых абстрэлаў і забяспечыць патрэбны тэмпературны рэжым.
У Полацку, наколькі я разумею, не было нічога больш трывалага за Сафійскі сабор - абсалютная большасць мураваных барочных храмаў з’явілася толькі ў другой палове XVIII стагоддзя. Захоўваць порах у драўляных пабудовах гэта ўсё роўна, што захоўваць яго на стозе сена.
У еўрапейскай практыцы самым гучным прыкладам падобнай трагедыі з’яўляецца грэчаскі Парфенон, які ў 1687 годзе выкарыстоўваўся туркамі як парахавы склад і быў амаль цалкам разбураны пасля траплення аднаго венецыянскага снарада. Падобны лёс напаткаў і італьянскі храм Сан-Назара ў Брэшыі ў 1769 годзе, калі ўдар маланкі ў парахавы склад пад царквой знішчыў цэлы квартал і забраў тысячы жыццяў. Нават праз стагоддзе, у 1856 годзе на востраве Родас, выпадковы выбух забытага ў падвалах царквы Святога Яна пораху ператварыў старажытную святыню ў руіны.
Хто чытаў раман Донны Тарт «Шчыгол», той можа памятаць, што аўтар карціны Карэл Фабрыцыус загінуў ад выбуху парахавога склада ў Дэлфце 12 кастрычніка 1654 года, які таксама знішчыў значную частку горада і панёс жыцці соцень людзей. А гэта адмыслова пабудаванае збудаванне для захоўвання! Трагедыі здараюцца і без чыёйсьці злой волі!
Арміі Пятра I і яму самому ёсць што прад’явіць за тактыку выпаленай зямлі, але навошта выдумляць на роўным месцы дэбільныя казкі і так упарта, з года ў год, публікаваць іх з сур’ёзным выглядам? Калі вы хлусіце ў адным, то вам не будуць верыць і ў астатнім.
#Полацк #цэрквы #пажары