📞 Мы атрымалі інфармацыю ад польскіх калег, што 13 сакавіка з Польшчы на працягу аднаго дня быў дэпартаваны грамадзянін Беларусі, які знаходзіўся ў статусе суіскальніка міжнароднай абароны. На жаль, на дадзены момант нам не ўдалося атрымаць больш падрабязную інфармацыю пра гэты выпадак.
Мы накіравалі запыт у Памежную службу Польшчы і атрымалі адказ, што за апошнія 2,5 месяцы з краіны былі дэпартаваныя 192 грамадзян_кі Беларусі (уключаючы як добраахвотныя, так і прымусовыя вяртанні).
📌 Польскія службы адзначаюць, што рашэнні аб вяртанні замежнікаў прымаюцца ў рамках індывідуальных адміністрацыйных працэдур на падставе Закона аб замежніках ад 12 снежня 2013 года. У прыватнасці, гаворка ідзе пра арт. 302, які вызначае падставы для вынясення рашэння аб абавязанні замежніка пакінуць тэрыторыю краіны (у тым ліку ў выпадках парушэння правілаў знаходжання або пагрозы нацыянальнай бяспецы ці грамадскаму парадку).
⚠️ У той жа час важна памятаць, што, нягледзячы на тое, што польскія органы спасылаюцца на нормы нацыянальнага заканадаўства і прынцып non-refoulement (арт. 33 Канвенцыі аб статусе бежанцаў 1951 года), які забараняе вяртанне чалавека ў краіну, дзе яму пагражаюць пераслед, катаванні або небяспека для жыцця, на практыцы працягваюць фіксавацца выпадкі дэпартацый у краіны, якія нельга лічыць бяспечнымі, у тым ліку ў Беларусь, Украіну, Афганістан і іншыя. Дэпартацыя людзей у такіх умовах можа супярэчыць міжнародным абавязацельствам, у прыватнасці арт. 3 Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека і арт. 3 Канвенцыі супраць катаванняў ААН, якія катэгарычна забараняюць высылку ў краіны, дзе існуе рэальная рызыка катаванняў, палітычнага пераследу або бесчалавечнага абыходжання.
📜 Артыкул 14 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека:
Кожны чалавек мае права шукаць прытулку ад пераследу ў іншых краінах і карыстацца гэтым прытулкам.