🧵 Ткацтва: мастацтва, якое
стваралася тысячагоддзямі
У Беларусі працягваецца праект «Кожная пятніца – роднае, сваё», і сёння мы расказваем пра адно з найстаражытнейшых рамёстваў, якое стала сапраўдным кодам нацыі.
Ткацтва ўзнікла яшчэ ў познім неаліце. Першапачаткова гэта было простае пляценне з травы,ліянаў, скуры жывёл. Але з часам чалавек навучыўся ствараць нітку — і з’явілася тканіна.
📍 Беларускае ткацтва: ад старажытнасці да ХХ стагоддзя
Асноўнай сыравінай на тэрыторыі Беларусі быў лён, радзей — авечая поўсць і канапельнае валакно. Фарбавалі ніткі выключна натуральнымі фарбавальнікамі: карой дрэў,травамі, балотнай рудой. Таму традыцыйная каляровая гама — спакойная,стрыманая: белы, чырвоны, чорны, часам зялёны або жоўты.Толькі ў ХХ стагоддзі з прыходам хімічных фарбавальнікаў і фабрычных нітак палітра стала больш яркай і насычанай.
⚙️ Як ткалі?
Адным з найстаражытнейшых прыстасаванняў было бердышка — простая, але надзвычай разумная канструкцыя. Ніткі асновы прадзяваліся праз круглыя і падоўжныя адтуліны, бердышка падымалі — утвараўся зёў, куды пракладвалі ўток.
Пазней з’явіўся ткацкі станок — спачатку вертыкальны, потым гарызантальны. У Беларусі найбольш пашыранай была чатырохнітковая тэхніка. З яе дапамогай ткалі палатно саржавага перапляцення, узоры «елачка», «ромб». Гэта ўмела рабіць амаль кожная жанчына.
А яшчэ былі:
— васьмінітковае ткацтва (для шчыльных абрусаў),
— трох- і пяцінітковае (для рукавоў кашуль, сукна),
— ажурнае і пяцельчатае,
— закладное і бранае
(патрабавала вялікага майстэрства і нагадвала вышыўку гладдзю).
🧺 Што выходзіла з-пад кроснаў?
▫️ Ручнік –суправаджаў чалавека ад нараджэння да апошняй дарогі, сімвал чысціні і абраду.
▫️ Пояс –абярэг, абавязковы элемент строю. Слуцкія паясы (з 1758 г.) – сусветна вядомы брэнд.
▫️ Намітка –галаўны ўбор
з тонкага ільну.
▫️ Адзенне,абрусы, посцілкі, дываны.
📌 Ткацтва на Беларусі — гэта не проста рамяство. Гэта памяць,увасобленая ў нітках. Гэта рытм, колер, знак. І сёння яно застаецца жывым — у руках майстроў, у сучасных дызайнерскіх рашэннях, у калекцыях музеяў.
#ДзеньРоднагаСвайго