22 траўня
Урыўкі з лістоў Вітольда Ашурка, палітзняволеннага, які памер учора ў турме. У пяцідзесяцігадовага мужчыны спынілася сэрца. Да гэтага ніякіх праблем з сэрцам у яго не было.
«Я і раней не адчуваў сябе спакойна і ўпэўнена. Ад самага пачатку ведаў, на што іду, бо адчуваў, што павінен зрабіць тое, чаго не зрабіць не магу!».
«Турма — гэта не будынак з кратамі, а машына, якая імкнецца ўдзейнічаць на цябе. І твой стан залежыць у першую чаргу ад твайго рэсурсу супрацьстаяць абставінам».
«Дык, ці могуць незнаёмыя людзі быць сябрамі? Могуць! Калі яны беларусы.”
«Справа ў тым, што мы доўгі час пакутавалі на нейкую местачковасць, на правінцыялізм. Нам памылкова здавалася, што сапраўды важныя падзеі могуць адбывацца ў Нью-Ёрку, Лондане, Пекіне альбо ў Маскве! Што можа такога важнага адбыцца ў нас? Анічога!
І вось падзеі лета-восені 2020 у Беларусі скаланулі не толькі Еўропу, але і ўвесь свет! У Беларусі народ паўстаў супраць дыктатуры без выкарыстання гвалтоўных метадаў барацьбы!».
«Няхай сонца заззяе над нашай любай Беларуссю!».
Святлана Ціханоўская выказала спачуванні родным і блізкім.
«Вітольд напісаў у лісце, што ўспрыняў 5 гадоў калоніі, як ацэнку «выдатна» за свой унёсак у вызваленне беларусаў. Я бязмерна захапляюся яго сілай духу і верай у правільнасць свайго выбару. Але мне вельмі балюча ад таго, што чалавек заплаціў за свой выбар жыццём і сустрэў смерць у няволі. Я выказваю спачуванні сям'і Вітольда. I я не ведаю такіх словаў, якіх будзе дастаткова, каб палегчыць ваш боль.
Я гляджу на нашых герояў, якія гадамі ваявалі за свабоду, пакуль многіх з нас не было побач з імі, і не магу адчуваць нічога, акрамя падзякі і шкадавання, што толькі цяпер мы ўсвядомілі, у якой краіне жывем. Але цяпер, калі мы прачнуліся, гэта стала нашым абавязкам – узяць адказнасць за будучыню і давесці справу да канца».
Пэўны фонд, які цяпер таксама нельга называць, авесціў збор грошай, каб дапамагчы сям’і з пахаваннем. Павінны былі сабраць 3000 еўра, але сабралі ўжо 4000. Збор працягваецца.
У Лідзе людзі нясуць да Фарнага касцёла кветкі і знічкі, на крыжы над касцёлам вісіць партрэт Вітольда Ашурка.
Вакол шмат міліцыі, пішуць, што пачынаюцца затрыманні.
Дзякуй дыяспарам за тое, што нясеце свечкі да амбасадаў, вы можаце зрабіць публічна тое, чаго не можам рабіць мы.
Увечары спачуванні сям’і выказала і амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр.
“Ён загінуў у барацьбе за свабоду і светлую будучыню Беларусі” – напісала яна ў Твітэры.
А “Газета з будучыні” (тг канал з навінамі з будучыні
https://t.me/beltomorrow) сёння апублікавала навіну ад 21 траўня 2024, ад якой я разраўлася.
“У Шклове на тэрыторыі былой папраўчай калоніі прайшло адкрыццё інтэрактыўнага помніка Вітольду Ашурку. Інсталяцыя ўяляе сабой каменную пліту, прыклаўшы рукі да якой, можна пачуць біццё сэрца.
Па словах аўтара, ідэя простая: сэрца палітзняволеннага, якое спынілася ў турме, працягвае біцца ў кожным з нас”
Хай спраўдзіцца!
Сёння знайшлі мертвым начальніка ІЧУ Полацкага РУУС. Папярэдняя прычына смерці – суіцыд.
А некалькі дзён таму скончыў жыццё самагубствам былы начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Берасцейскага аблвыканкама, які адказваў за падаўленне пратэстаў у жніўні ў Берасці.
Гэта шмат кажа пра настроі і абстаноўку ўнутры сістэмы.
То бок калі мы думаем пра тое, што нам дрэнна і мы стаміліся, трэба разумець, што ім там увогуле гамон. Яны мацней дакладна не становяцца.
У краіне працягваецца зачыстка інфармацыйнага поля. Сёння заблакавалі расійскі сайт http://sports.ru/. За парушэнне заканадаўства аб азартных гульнях.
На сённяшні дзень у краіне заблакаваныя 484 рэсурсы.
Дзяржаўныя ж СМІ працягваюць выяўляць люты прафесіяналізм.
Сёння, напрыклад, назвалі Нагорны Карабах вызваленымі тэрыторыямі.
Яны ўвесь час забываюць з кім мы сёння сябруем. У прынцыпе, іх можна зразумець, наш вектар сяброўства апошнім часам нагадвае флюгер падчас тайфуна.